Экскурсія і дэма-клас па вітражу «РАЗМОВА СА СВЯТЛОМ» з мастаком, выкладчыкам школы-студыі HomoFaber Палінай Корузун-Фомчанка


11 кастрычніка 2025 года а 14-й гадзіне ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбудуцца экскурсія і дэма-клас па вітражу «РАЗМОВА СА СВЯТЛОМ» з мастаком, выкладчыкам школы-студыі HomoFaber Палінай Корузун-Фомчанка, у рамках выставы мазаікі і вітража «Па канонах прыгажосці».

Вітраж і мазаіка даволі рэдкія «госці» на выставачных пляцоўках не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Тэхналогіі іх стварэння маюць шматвяковую гісторыю і свае сакрэты, вядомыя толькі майстрам. Мастацкія вырабы са шкла, мармура, каменя здольны выконваць у інтэр’еры мінімум дзве задачы – утылітарную і эстэтычную, упрыгожваючы сабой звыклую бытавую прастору.

Усім, каго вабяць гэтыя віды мастацтва, мы прапануем наведаць сустрэчу з мастаком, выкладчыкам школы-студыі мазаікі і вітража HomoFaber Палінай Корзун-Фомчанка. Падчас сустрэчы вы даведаецеся аб шматлікіх падрабязнасцях мастацтва вітража і пазнаёміцеся з яскравай, неверагодна прыгожай выставай «Па канонах прыгажосці», на якой прадстаўлена больш за 100 унікальных работ у класічным і сучасным стылях. У экспазіцыі можна ўбачыць вітражы Ціфані, якія вылучаюцца сваёй вытанчанасцю і складанасцю вырабу. Як з’явіліся гэтыя вітражы? Чаму, нягледзячы на высокі кошт, сталі вельмі папулярнымі? Аб гэтым і многім іншым вы даведаецесь з бяседы са спецыялістам. Паліна Корзун-Фомчанка правядзе для вас экскурсію, прадставіць вашай увазе прэзентацыю, прадэманструе прафесійныя інструменты і прыёмы майстэрства.

Мы спадзяемся, што вынікам гэтага мерапрыемства стане не проста ваша зацікаўленасць, але і жаданне знайсці сваё самавыяўленне ў творчасці, як гэта здарылася з удзельнікамі выставы «Па канонах прыгажосці». Асноўная частка з іх – не прафесійныя мастакі, а людзі самых розных прафесій: лекары, выкладчыкі, праграмісты, псіхолагі.

Мы таксама нагадваем, што наступная сустрэча будзе прысвечана мазаіке, і у вас з’явіцца выбар: якому з гэтых відаў мастацтва аддаць перавагу. Чакаем вас! Прыходзьце за натхненнем, шаноўныя сябры!

Кошт квітка на мерапрыемства:
Для дарослых – 20 руб.
Для студэнтаў, пенсіянераў – 15 руб.
Для школьнікаў – 10 руб.

Працягласць мерапрыемства – 2 гадзіны. Колькасць мест абмежавана.

Папярэдні запіс па пошце: artgalleryminsk@gmail.com

Галерэя мастацтваў Леаніда Шчамялёва
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная 10;
(017) 342 24 26; minskmuseum.by

932